Тэзісы

навукова-даследчай працы

“ЛЕДАВІКОВЫЯ ВАЛУНЫ ВОРАНАЎШЧЫНЫ—

НАТУРАЛЬНЫЯ СВЕДКІ І ЗАХАВАЛЬНІКІ

МІНУЎШЧЫНЫ”

Аўтар работы:

Вайткун Уладзіслаў Вітальевіч,

вучань 9 “А” класа

Кіраўнік работы:

Фясенка Іван Іванавіч,

настаўнік гісторыі і геаграфіі

вышэйшай кваліфіцыйнай катэгорыі

 

На абсягах Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці ледавіковыя валуны -  характэрны элемент  ландшафтаў. Толькі мала хто ведае пра язычніцкую павагу жыхароў нашага краю да гэтых замшэлыг камлыг.

На тэрыторыі сучаснай Воранаўшчыны  быў шырока распаўсюджаны культ камянёў. Памяць старажылаў захавала пра ледавіковыя валуны дзіўныя паданні і легенды. Стала вядома, што ў мінулым камяні ўшаноўвалі  як святыя, ім прыносілі ахвяраванні, іх лічылі багамі. Там-сям паважлівае станаўленне да валуноў і вера ў іх жыватворную сілу захавалася да нашых дзён.

Ледавіковымі валунамі цікавяцца не толькі геолагі, гісторыкі, этнографы або іншыя даследчыкі. Будаўнікі, дарожнікі, земляробы бачаць у іх практычнае прызначэнне. Ад такой увагі гэтых сведак ледавіковай эпохі становіцца ўсё менш і менш. Як паказалі нашы палявыя даследаванні, перш за ўсё хутка знікаюць буйныя глыбы, асабліва каштоўныя сваімі памерамі. Яны з’яўляюцца сведкамі ледавіковых эпох, сярод іх шмат геалагічных помнікаў прыроды, гісторыі і культуры.

Становішча, якое склалася на Воранаўшчыне з ледавіковымі  валунамі, сведчыць пра тое, што дагэтуль рэгістрацыя і сістэматычнае навуковае даследаванне такіх камянёў спецыялістамі практычна не вялося. Да гэтай справы павінны падключыцца навукоўцы, краязнаўцы, навучэнцы школ.

Работа па выяўленні і вывучэнні каштоўных ледавіковых валуноў, якія з’яўляюцца носьбітамі звестак аб прыродзе нашага краю, гісторыі, духоўнай культуры яе жыхароў, навучэнцамі  гімназіі была распачата ў 2005 годзе.

Актуальнасць і практычная неабходнасць працы заключаецца ў тым, што яна дазваляе спазнаць прыроду, гісторыю і культуру Воранаўскага краю і беражліва адносіцца да рэліктаў ледавіковых эпох.

Аб’ект даследавання: ледавіковыя валуны.

Прадмет даследавання: камяні як носьбіты пэўных дадзеных аб прыродзе краю, фрагментах гісторыі і культуры  і рэсурс для развіцця пазнавальнага і сакральнага турызму.

Мэта даследавання: высветліць  мінулае ледавіковых валуноў, вызначыць іх адметнасць, на аснове эталонных і каштоўных камянёў атрымаць неабходныя звесткі аб прыродзе і  гісторыі Воранаўскай зямлі з мэтай выкарыстання іх у вучэбнай, даследчай, выхаваўчай, турыстычнай і культурна-асветніцкай дзейнасці.

Задачы:

- папоўніць рэестр існуючых на тэрыторыі Воранаўскага раёна ледавіковых валуноў, якія маюць навуковую, гістарычную, культурную і эстэтычную каштоўнасць праз збор і аналіз дадзеных па разглядаемай тэматыцы;

- вызначыць гісторыю ледавіковага каменя, яго адметныя ўласцівасці і магчымасці для вывучэння прыроды, гісторыі і культуры нашага краю;

- скласці кантрольны тэкст экскурсіі “ Музей ледавіковых валуноў “Пад Богаваю страхою” і распрацаваць  яе тэхналагічную карту.

Ступень вывучанасці ледавіковых валуноў на Беларусі не адпавядае патрабаванням нашага часу. Таму крыніцазнаўчая база для нашага даследавання абмежавана. Адзначым навукова-папулярную кнігу геолага Э. А. Ляўкова “Маўклівыя сведкі мінуўшчыны”  і навукова-даследчую працу Вінакурава В.Ф. “ Распрацоўка навукова-абгрунтаваных комплексных схем ахоўных прыродных тэрыторый Беларусі (геалагічныя і геамарфалагічныя аб’екты) –  Воранаўскі раён Гродзенская вобласць”.

Методыка даследавання – аналіз навукова-даследчых крыніц, палявое даследаванне.

Выкананню сфармуляваных мэт і задач падпарадкоўваецца структура даследавання, якая складаецца з уводзін, трох глаў і заключэння.

У першай главе змешчаны звесткі адносна мінулага ледавіковых валуноў. У храналагічнай паслядоўнасці разглядаецца даследчы матэрыял вучоных па згаданай тэматыцы, вызначаецца іх асабісты ўклад у вывучэнні ледавіковых валуноў Воранаўшчыны. Аўтар працы ўводзіць у даследчы абыход шэраг розных звестак, выяўленых ім ў час вывучэння валуноў.

У другой главе разглядаецца методыка даследавання ледавіковых валуноў. Яна складаецца з падрыхтоўчага этапу (геолага-геамарфалагічнае вывучэнне будучага раёна даследавання па пісьмовых крыніцах, тэматычных геаграфічных картах, знаёмства з навуковымі методыкамі даследавання) і асноўнага (вывучэнне ледавіковых валуноў на палявых геалагічных палігонах). На другім этапе выяўляюцца паводле мінералагічнага, петраграфічнага, кіроўных валуноў і іншых метадаў даследавання каштоўныя ледавіковыя камяні, якія з’яўляюцца носьбітамі інфармацыі аб прыродзе, гісторыі і культуры Воранаўскага краю, а затым праводзіцца іх апісанне. 

Мы выявілі і даследавалі камень Шынкаўшчынскі ( Забалацкі сельсавет ), валун граніту рапаківі, Вялікі камень Каргаўдзянскі, Вялікі камень Праважоўскі, Валун Казакоўскі ( кіроўны валун, мае культавае значэнне ).

Намі ўстаноўлена, што на крайнім захадзе і поўначы Воранаўскага раёна значная колькасць валуноў розных памераў рассеяна на паверхні канцова-марэнных узвышшаў ( паазерскі ўзрост), завалуненасць тэрыторыі складае больш за 30 адсоткаў. На паўночным усходзе, дзе пераважае градава-пагоркавы рэльеф, сфарміраваны сожскім ледавіковым покрывам, вялікае скопішча валуноў адзначана каля в.Забалаць.  Значна менш валуноў ў далінах рэк Жыжмы і Дзітвы.

Формы ледавіковых валуноў надзвычай разнастайныя. Шмат валуноў падобныя на прас, характэрная асаблівасць іх - значная прышліфоўка верхняй і ніжняй роўніцаў, на якіх нярэдка сустракаюцца ледавіковыя драпіны ( шрамы), арыентаваныя ў напрамку руху ледавіка.

На Вялікім камяні Дайноўскім намі выяўлены мхі і лішайнікі (рэлікты). На наш погляд, яны дазваляюць даведацца пра развіццё прыроды краю за апошнія тысячагоддзі.

Устаноўлена таксама, што на Воранаўшчыне быў шырока распаўсюджаны культ камянёў. Толькі ў 2014 г. намі выяўлены 4 культавыя валуны. Два з іх, Больцішскі і Куклёўскі ( камяні са штучнымі паглыбленнямі), выявіў і вывучыў аўтар даследчай працы.

Трэцяя глава знаёміць з унікальным і  таямнічым  музеем Воранаўшчыны, у якім сабраны ледавіковыя камяні - сведкі ледавіковых эпох на нашай зямлі. Прапаноўваецца гісторыя стварэння музея, асноўныя звесткі аб ім, структура, дзейнасць і перспектывы развіцця. Музейная экспазіцыя прадстаўлена чатырма аддзеламі: “Карта Воранаўскага раёна”, “Форма ледавіковых валуноў”, “Петраграфічная калекцыя”, “Камень у жыцці людзей”. Кожны з гэтых аддзелаў дае магчымасць раскрыць пэўную асаблівасць ледавіковых валуноў.

Музей ледавіковых валуноў у г.п. Радунь ужо сёння з’яўляецца вельмі папулярным экскурсійным аб’ектам Беларусі, яго наведваюць не толькі жыхары нашай краіны, але і турыстычныя групы з Польшчы, Літвы, Германіі, Ізраіля і г.д.

Выбраная тэма мае практычнае значэнне. Яна дазваляе выявіць раней невядомыя звесткі аб прыродным мінулым нашага краю, яго гісторыі і культуры. Матэрыял можна выкарыстаць пры вывучэнні пэўных тэм факультатыўнага курса “Воранавазнаўства”. Ён павінен ўвайсці ў даведнік “Прырода Воранаўскага раёна”. Шэраг звестак, якія падаюцца ў даследчай працы, можна выкарыстаць экскурсаводам для правядзення экскурсій у музеі ледавіковых валуноў Радунскай гімназіі. Намі складзены тэкст экскурсіі “Музей ледавіковых валуноў “Пад Богаваю страхою” і распрацавана   яе тэхналагічная карта.

Вывучэнне ледавіковых валуноў намі працягваецца. Неабходна больш глыбока спазнаць іх склад, распаўсюджванне, паходжанне. Далёка не ўсё яшчэ зразумела ў гісторыі язычніцкага культу валуноў.

Распрацаваны далейшыя шляхі развіцця музея. На працягу далейшага часу плануем папоўніць музейную экспазіцыю новымі каштоўнымі экспанатамі.

У 2016 г. маем намер на пляцоўцы музея стварыць два дахрысціянскія культавыя збудаванні ( свяцілішчы ), якія будуць прызначаны Перуну ( богу грому і маланкі ) і Роду ( богу неба і ўсяго свету, тварцу жыцця ).

Каб сустрэцца з дзівосным, неабавязкова ісці за край свету, у невядомыя мясціны. Адкрыццё можна зрабіць і ў сваёй мясцовасці.