РАДУНСКІ МУЗЕЙ ЛЕДАВІКОВЫХ ВАЛУНОЎ “ВАЛУНЫ КРУТЫХ ДАРОГ МІНУЎШЧЫНЫ”

На абсягах Воранаўскага і іншых раёнаў старажытна-мацерыковага зледзянення Еўропы ( Беларусь, краіны Балтыі, Польшча, Германія ) ледавіковыя валуны - характэрны элемент прыродных ландшафтаў. Камяні з’явіліся па геалагічных мерках параўнальна нядаўна, у апошні мільён год. Гэта самы малады геалагічны перыяд называюць антрапагенавы, іншы раз ледавіковы. Адной з самых прыкметных асаблівасцей антрапагена з’яўляецца вялізнае мацерыковае зледзяненне. Пяць разоў ледавікі пранікалі на тэрыторыю сучаснага Воранаўскага раёна. У час беларускага, бярэзінскага, дняпроўскага і сожскага зледзяненняў ледавікі поўнасцю пакрывалі наш край. Паазерскае ж зледзяненне пакінула свой  “след” толькі на поўначы і крайнім захадзе Воранаўшчыны. Наша зямля ўдзячна ледавікам за з’яўленне  валуноў.

У ледавіковых валуноў неаднолькавыя памеры. Часцей за ўсё сустракаюцца невялікія абломкі ў 0,1-0,25 м. Значна радзей пападаюцца валуны ў 0,7-1,5 м. Глыбы ж у 3-5 м і буйнейшыя адзінкавыя. Самы вялікі з вядомых у Беларусі валуноў ляжыць каля в. Горкі Шумілінскага раёна, даўжыня яго 11 м. Найбуйнейшы з нашых валуноў -  Вялікі Камень Мажэйкаўскі, даўжыня яго 4,8 м. Сярод валуноў на нашай зямлі ёсць прадстаўнікі ўсіх трох горных парод. Асабліва разнастайны склад невялікіх па памерах камянёў. Самыя вялікія камлыгі звычайна складзены гранітам і гнейсам.

Спрадвеку сярод беларусаў былі распаўсюджаны надзвычай дзіўныя міфы, легенды, паданні аб гэтых камянях. Часам валуны з’яўляліся аб’ектамі язычніцкага пакланення. Дзе-нідзе да сённяшняга часу іх называюць Богавымі камянямі. На некаторых камянях захаваліся старажытныя знакі і надпісы. Шэраг валуноў аб’яўлены помнікамі прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння.

Трывалы камень выкарыстоўваюць дарожнікі і будаўнікі. Ім цікавяцца архітэктары. З кожным годам камянёў становіцца ўсё менш і менш. Ад валуноў старанна пазбаўляюцца земляробы і меліяратары. На многіх плошчах яны амаль што ўжо поўнасцю сабраны. Ледавіковыя валуны — гэта часцінка беларускай прыроды, носьбіты пэўнай геалагічнай, біялагічнай, гістарычнай, этнаграфічнай і іншай інфармацыі, маўклівыя сведкі жыцця многіх пакаленняў беларусаў, прадмет навуковых даследаванняў.

Вызначыўшы вялікае значэнне валуноў для вывучэння роднай зямлі, усвядоміўшы неабходнасць захавання каштоўных экземпляраў для развіцця пазнавальнага і сакральнага турызма, мясцовыя краязнаўцы, навучэнцы Радунскай гімназіі, жыхары нашага краю прапанавалі стварыць у г.п. Радунь музей ледавіковых валуноў пад адкрытым небам.

У 2013 г. радунскімі краязнаўцамі быў распрацаваны праект “Валуны крутых дарог мінуўшчыны” у рамках міжнароднага праекта “Жывая гісторыя майго краю”. Паводле мэты міні-праекта, а ён быў рэалізаваны на базе ДУА "Радунская гімназія”, і быў адкрыты музей ледавіковых валуноў у г.п. Радунь 25.06.2014 г. Агульная плошча музея 1 га. Ён размешчаны побач з Радунскай гімназіяй. У калекцыі музея налічваецца 38 розных валуноў, аб’яднаных па тэматычных накірунках. Яны маюць навуковую, гістарычную, культурную і эстэтычную каштоўнасць. Усе валуны былі прывезены на тэрыторыю музея з розных куткоў Воранаўскага краю, большасць з іх былі выяўлены ў вялікіх кучах сабраных з палеткаў камянёў- крушнях. Гэтыя камяні былі падрыхтаваны для вывазу на каменедрабілкі.

Музейная калекцыя валуноў - гэта вынік шматгадовай плённай дзейнасці многіх жыхароў-энтузіястаў нашага краю па выяўленні невядомых дагэтуль найцікавейшых валуноў,  якія маюць геалагічную, гістарычную і этнаграфічную каштоўнасць.

Радунскі музей ледавіковых валуноў -  гэта не толькі музейны комплекс, але і даследчы цэнтр па вывучэнні горных і ледавіковых парод. Каменныя фонды музея дазваляюць вучыць школьнікаў і  ўсіх жадаючых петраграфіі—навуцы пра горныя пароды, выяўляць межы распаўсюджвання і накірункі руху ледавікоў   і адказаць на многія іншыя пытанні.

Малюнак 1 – План музея ледавіковых валуноў у г.п. Радунь

Музейная экспазіцыя прадстаўлена чатырма аддзеламі: “Карта Воранаўскага раёна”, “Форма ледавіковых валуноў”, “Петраграфічная калекцыя”, “Камень у жыцці людзей”. Кожны з гэтых аддзелаў дае магчымасць раскрыць пэўную асаблівасць ледавіковых валуноў.

Першы аддзел ( умоўная назва рукатворная “Карта Воранаўскага раёна” ) уяўляе сабой самую буйную з існуючых картаграфічных выяў Воранаўскага раёна.  Яе плошча 1 га. Карта аб’ёмная, на ёй адлюстраваны не толькі межы раёна ( выкладзены невялікімі валунамі ўперамешку з туямі ), але і галоўныя рэкі, узвышэнні ( з’яўляюцца помнікамі прыроды: Мантунская, Гудзінішская града, Дубінскі пагорак і г.д. ), грады. Вышыня гэтых форм паменшана ў сто разоў, асноўныя элементы паверхні праяўляюцца дастаткова выразна. Валуны на карце размешчаны па геаграфічным прынцыпе: менавіта ў тых месцах, дзе яны былі сабраны. Гэта дазваляе паказаць мясцовыя валунныя асацыяцыі, паказаць іх суадносіны з формамі краявога ледавіковага рэльефа. Рачная сетка ( выкладзена каменьчыкамі ) служыць сцяжынкамі, па якіх можна хадзіць пры аглядзе ледавіковых валуноў.

Каменны матэрыял, які сустракаецца на паверхні, звязаны з дзейнасцю двух апошніх абледзяненняў. Валуны сожскага зледзянення змешчаны ў паўночна-усходняй, цэнтральнай і паўднёвай частцы карты, паазерскага - на крайнім захадзе і на поўначы. На карце ланцужком невялікіх валуноў паказана мяжа, да якой дапоўз паазерскі ледавік.

Другі аддзел  (“Форма”)  паказвае, што ў валуноў надзвычай разнастайная форма. Яна абумоўлена і зыходнымі абрысамі глыбаў у месцы першапачатковага залягання, і іх сціраннем пры пераносе ў лёдзе, і ўздзеяннем расталых водаў, і ўмовамі наступнага жыцця каменя на паверхні. Таму па абрысах валуна можна шмат даведацца пра яго жыццё. Сустракаюцца валуны ў выглядзе куба, паралелепіпеда, піраміды, шара і інш. У многіх мудрагелістая канфігурацыя. Часцей за іншыя трапляюцца рэшткі, падобныя на прас, іх часам называюць лёдаграннікамі.

Трэці аддзел ( “Петраграфічная калекцыя” ) адлюстроўвае разнастайнасць складу валуноў. Сярод іх сустракаюцца прадстаўнікі трох груп горных парод: магматычных, асадкавых і метамарфічных. Добра перанеслі транспарціроўку ў лёдзе мацнейшыя экзэмпляры. На пляцоўцы з магматычных парод дэманструюцца граніт, базальт, парфірыт; з асадкавых- пескавік, граніліт, вапняк; з метамарфічных- гнейс, кварцыт і  т.п.

На гэтай жа пляцоўцы экспануюцца кіроўныя валуны, якія дазваляюць вызначыць месца, адкуль яны былі прынесены ледавіком. Дэманструецца Камень Нова Казакоўскі- ледавіковы валун граніту рапаківі, які прыкладна 220-150 тыс. гадоў таму ў часы сожскага зледзянення быў прынесены ледавіком з паўднёва-заходняй Фінляндыі. Вага - 10 т.  Гэты камень меў і культавае значэнне для нашых продкаў, на верхняй роўніцы каменя захавалася невялікае паглыбленне ( лунка ). Яна была зроблена старажытным чалавекам ( прадстаўнікамі плямён культуры штрыхаванай керамікі ) верагодна ў канцы бронзавага-раннім жалезным веку ( 3.700-2500 год назад ). Высечаныя на валунах лункі маюць непасрэдную сувязь з падсечна-агнявым земляробствам і звязаны з магіяй пладанашэння. Перад пачаткам сяўбы чалавек выбіваў лунку ў камені. Пры гэтым ён лічыў, што такім чынам апладняе зямную сілу, якая сядзіць у камені. А выбіванне ямкі ім на камяні спрыяе добраму ўраджаю.

Чацвёрты аддзел ( “Камень у жыцці людзей” ) прысвечаны ролі валуноў у матэрыяльнай культуры і гісторыі насельніцтва Воранаўскага краю. Тут пададзены не толькі  старажытныя і сучасныя вырабы з каменю, але і культавыя камяні ( камяні са знакамі, валуны са штучнымі паглыбленнямі, камяні-шаўцы, камяні-валуны, следавікі і інш. ).

Такім чынам, музей ледавіковых валуноў “Валуны крутых дарог мінуўшчыны “ ДУА “Радунская гімназія” створаны на навуковай аснове, адлюстроўвае розныя якасці і гісторыю ледавіковага каменя. Музейная калекцыя валуноў выклікае цікавасць не толькі ў спецыялістаў, краязнаўцаў ці навучэнцаў школ, але і ў кожнага дапытлівага чалавека. Яна ўжо сёння шырока выкарыстоўваецца для навучання, даследчых, выхаваўчых, турыстычных і культурна-асветніцкіх мэт. Толькі ў 2015 г. музей валуноў у г.п. Радунь наведала 820 чалавек, праведзена 41 аглядная і тэматычныя экскурсіі. Адзначым, што намі распрацаваны кантрольны тэкст і тэхналагічная карта экскурсіі

“ Музей ледавіковых валуноў “Пад Богаваю страхою” [дадатак 9-10].

Музей ледавіковых валуноў у г.п. Радунь ужо сёння з’яўляецца вельмі папулярным экскурсійным аб’ектам Беларусі, яго наведваюць не толькі жыхары нашай краіны, але і турыстычныя групы з Польшчы, Літвы, Германіі, Ізраіля.

На працягу далейшага часу плануем папоўніць музейную экспазіцыю новымі каштоўнымі экспанатамі.

У 2017 г. маем намер на пляцоўцы музея стварыць два дахрысціянскія культавыя збудаванні ( свяцілішчы ), якія будуць прызначаны Перуну ( богу грому і маланкі ) і Роду ( богу неба і ўсяго свету, тварцу жыцця ).

Шэраг навукоўцаў лічаць, што паходжанне назвы паселішча Радунь мае рэлігійна-культавы сэнс ( тэонім ) і звязана з ушанаваннем культу бога Рода. Ды і вёскі Лада і Любараль, якія ў свой час існавалі побач з Радунню, маюць таксама рэлігійна-культавае паходжанне. Вядома ж, што з богам Родам неадлучна былі звязаны жаночыя божышчы Лада і Лёля, так званыя “ражаніцы”, яны з’яўляліся апякункамі кахання і шлюбу. Паводле згаданага,  верагодна, што і в. Любараль мае рэлігійна-культавае паходжанне (месца шлюбных рытуалаў, сустрэч, гульняў).

Тым самым створаныя ў музеі валуноў згаданыя культавыя свяцілішчы дазволяць наведвальнікам музея спазнаць яшчэ больш глыбей мясцовы гістарычны каларыт. А з цягам часу ў музеі валуноў і побач з ім можна будзе ладзіць і старажытныя язычніцкія абрады і святы. А гэта таксама паспрыяе больш дасканаламу асэнсаванню  нашай гістарычнай і культурнай спадчыны.