КУЛЬТАВЫЯ ВАЛУНЫ ВОРАНАЎШЧЫНЫ —

НАТУРАЛЬНЫЯ СВЕДКІ І ЗАХАВАЛЬНІКІ МІНУЎШЧЫНЫ

 

Аўтар работы:

Вайткун Уладзіслаў Вітальевіч,

вучань 10«А»класа

Кіраўнік работы:

Фясенка Іван Іванавіч,настаўнік

гісторыі і геаграфіі вышэйшай

кваліфікацыйнай катэгорыі

Тэзісы навукова-даследчай працы

Сярод камянёў даволі часта сустракаюцца валуны з рознымі штучнымі паглыбленнямі, знакамі, а таксама тыя, якія ў народзе вызначаюцца спецыфічнымі назвамі і авеяны паданнямі, што захавалі адгалоскі пакланення колішняга пакалення. На тэрыторыі Беларусі ўлічана больш як паўтысячы такіх камянёў, на тэрыторыі Воранаўскага раёна -  35. Іх прынята лічыць культавымі.

Увогуле ж арэал распаўсюджання камянёў са штучнымі старажытнымі ( неаліт, бронза ) паглыбленнямі культавага прызначэння вельмі вялікі і ахоплівае не толькі краіны Цэнтральнай, Паўночнай і Заходняй Еўропы ( Беларусь, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Англія, Германія, Францыя і інш. ) , але і краіны на выспах і ўзбярэжжы Міжземнамор’я, у тым ліку Пірэнейскай паўвыспы, Корсікі і Паўднёвай Афрыкі.

Культавыя валуны са штучнымі паглыбленнямі даследчыкі паводле формы выемак на валуне падзяляюць на тры асноўныя групы: камяні з чашападобнымі паглыбленнямі дыяметрам да 70 см і глыбіней да 15 см, камяні з круглымі лункамі дыяметрам ад 3 да 7.5 см і глыбіней ад 0.5 да 7 см і камяні з ямкамі няправільнай формы дыяметрам ад 7.5 да 15 см, глыбіней ад 5 да 15 см. У сваю чаргу, камяні з чашападобнымі паглыбленнямі па форме камяня падраздяляюць на пляскатыя і цыліндрычныя.

У 2005 г. навучэнцы Радунскай сярэдняй школы, мясцовыя краязнаўцы стварылі краязнаўчы клуб “Родынь” ( назва сучаснай Радуні ў сярэднявеччы ), які працуе да сённяшняга часу на базе народнага гісторыка-краязнаўчага музея Радунскай сярэдняй школы. З гэтай нагоды і актывізавалася работа па выяўленню і вывучэнню каштоўных ледавіковых валуноў, якія з’яўляюцца носьбітамі звестак аб прыродзе нашага краю, гісторыі, духоўнай культуры яе жыхароў.

На працягу адзінаццаці гадоў даследаваннямі былі ахоплены ваколіцы 57 населеных пунктаў Воранаўскага раёна, апытана некалькі сотняў чалавек, праведзены 24 палявыя экспедыцыі, выяўлена 30 ледавіковых валуноў, якія маюць навуковую каштоўнасць, у тым ліку 18 культавых валуноў. Дарэчы, у Воранаўскім раёне  на працягу ХХ ст. навукоўцамі было выяўлена і даследавана толькі 5 унікальных культавых валуноў. У 2014 г. у г.п. Радунь быў адкрыты музей ледавіковых валуноў. Агульная плошча музея 1 га. Ён размешчаны побач з Радунскай сярэдняй школай. У калекцыі музея налічваецца 38 розных валуноў (  у тым ліку 12 культавых ), аб’яднаных па тэматычных накірунках. Яны маюць навуковую, гістарычную, культурную і эстэтычную каштоўнасць. Усе ледавіковыя валуны былі прывезены на тэрыторыю музея з розных куткоў Воранаўшчыны, большасць з іх былі выяўлены ў вялікіх кучах  - крушнях.  Гэтыя камяні былі падрыхтаваны для вывазу на каменадрабілкі.

Музейная калекцыя валуноў—гэта вынік шматгадовай плённай дзейнасці навучэнцаў Радунскай сярэдняй школы, краязнаўцаў, жыхароў-энтузіастаў нашага краю па выяўленню невядомых дагэтуль найцікавейшых валуноў, якія маюць геалагічную, гістарычную і этнаграфічную каштоўнасць. Больш трох год аўтар даследчай працы вывучае ледавіковыя валуны Воранаўшчыны. У 2016 г. на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару  вучняў па вучэбным прадмеце “Геаграфія” выступіў з работайабледавіковых валунах Воранаўшчыны.  Узнагароджаны дыпломам І ступені  Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У даследчай працы разглядаюцца культавыя валуны Воранаўшчыны са штучнымі паглыбленнямі, камяні-следавікі, камяні-краўцы ( шаўцы ). Аўтар работы ў сваім даследаванні ўпершыню ўводзіць у даследчы абыход звесткі аб 18 культавых валунах, якія зусім нядаўна былі выяўлены ў нашым краі і да сённяшняга часу яшчэ невядомыя даследчыкам.

Навуковая цікавасць да такога тыпу культавых помнікаў узнікла яшчэ ў XIX ст.У 1864 г. экспедыцыя імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства ў трох вярстах ад манастыра, што знаходзіўся каля в. Махірова паблізу Полацка, зафіксавала ахвярны камень з трыма паглыбленнямі, якія нагадвалі “патэльні”.

На рубяжы XIX-XX ст.ст. некалькі культавых валуноў з паглыбленнямі апісаў В. Шукевіч. Так, каля в. Юршышкі Воранаўскага раёна ён даследаваў камень з трыма талеркападобнымі паглыбленнямі.

Старажытнейшай групай культавых камянёў шэраг вучоных лічаць камяні, на паверхні якіх старажытны чалавек высек маленькія круглыя лункі паўсферычнай формы з загладжанымі і адшліфаванымі сценкамі, якія па ўсёй Еўропе маюць прыкладна аднолькавыя памеры: дыяметр ад 3 да 10 см пры глыбіні 0,5-7 см.

У навуковай літаратуры можна сустрэць і іншыя назвы камянёў з лункамі: чашачныя камяні, камяні з невялікімі паглыбленнямі, камяні з ямкамі, а ў англамоўнай літаратуры cupmarkedstones.

Першым, хто звярнуў увагу на  культавыя камяні з маленькімі ямкамі—лункамі на тэрыторыі Воранаўскага раёна, быў вядомы беларускі геолаг В.Ф.Вінакураў. У 1989 г. вывучыў  Перуноў ( Вялікі ) камень з ямкамі Таўкінскі, выявіў і даследаваў ( 1996 г. ) Будрэвічаў камень з ямкамі Воранаўскі, Вялікі камень Рэмзаўскі ( узарваны ў 2001 г. ). Усе вышэйпералічаныя культавыя камяні з круглымі лункамі ў свой час былі абвешчаны помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння.

Да культавых валуноў маюць дачыненне і камяні-следавікі. Адметнай асаблівасцю следавікоў з’яўляюцца адбіткі на паверхні камяня ў выглядзе нагі ці далоні чалавека ( антрапаморфныя ) або паглыбленні ў форме слядкоў розных жывёл ( зааморфныя ). Тыя і другія бываюць як натуральныя, так і штучныя. На Беларусі вядома больш за 90 камянёў-следавікоў.

У XIX ст. Фёдар Пакроўскі на разглядаемай тэрыторыі выявіў і апісаў Шаўроўскі камень-следавік. На гэтым культавым валуне мелася выява конскага капыта. Старажылы в. Шаўры сцвярджалі, што вадой, якая збіралася ў гэтым паглыбленні, лячылі коней. У выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека Шаўроўскі камень-следавік быў знішчаны.

Два невялікія камяні-следавікі ( да 1 м у папярочніку ), якія знаходзіліся прыкладна за 500 м на поўдзень ад в. Рэмзы ( Воранаўскі раён ), па сведчанні навукоўца В. Вінакурава, таксама былі знішчаны напрыканцы XX ст. падчас уладкавання мясцовых “ландшафтаў” .

Культавымі валунамі з’яўляюцца і камяні-краўцы ( шаўцы ). Згаданыя камяні, паводле паданняў, самі шылі адзенне ( боты ), або з’яўляліся хатай краўца ( шаўца ), праклятыя за тое, што працавалі ў святочны дзень. Ахвяраванні гэтым камяням і паданні пра іх з’яўляюцца водгаласам вераванняў глыбокай старажытнасці. На Беларусі вядома прыблізна 10 такіх камянёў.

Камень пад назвай “кабылка” каля в. Дайнава Бастунскага сельсавета Воранаўскага раёна быў адным з камянёў-краўцоў. Дарэчы, у 1882 г. Адам Кіркор пісаў аб ім, што ў Дайнаве захаваўся вялікі камень, які народ называе “кабылкай”.  Паводле паданняў, у часы ВКЛ на ім каралі злачынцаў. На вялікі жаль, каштоўны культавы валун Дайноўскі ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека таксама згублены назаўжды.

Ледавіковымі  валунамі цікавяцца не толькі геолагі, гісторыкі, этнографы або іншыя даследчыкі. Будаўнікі, дарожнікі, земляробы бачаць у іх практычнае прызначэнне. Ад такой увагі гэтых натуральных сведак і захавальнікаў нашай мінуўшчыны становіцца ўсё менш і менш.

Становішча, якое склалася на Воранаўшчыне з ледавіковымі валунамі, сведчыць пра тое, што дагэтуль рэгістрацыя і сістэмнае навуковае вывучэнне гэтых камянёў спецыялістамі практычна не вялося. Да гэтай справы павінны падключыцца навукоўцы, краязнаўцы, навучэнцы школ.

Актуальнасць і практычная неабходнасць нашай працы заключаецца ў тым, што яна дазваляе спазнаць прыроду, гісторыю і культуру Воранаўскага краю і беражліва адносіцца да рэліктаў ледавіковых эпох.

Аб’ект даследавання: культавыя валуны.

Прадмет даследавання: камяні са штучнымі паглыбленнямі, камяні-следавікі, камяні-краўцы ( шаўцы ).

Мэта даследавання: вызначыць прызначэнне культавых валуноў са штучнымі паглыбленнямі, камянёў-следавікоў, камянёў-краўцоў ( шаўцоў ), час іх з’яўлення на нашай зямлі; высветліць, з якой этнічнай супольнасцю яны звязаны.

Задачы:

  • устанавіць у геаграфічнай прасторы арыял распаўсюджання камянёў са штучнымі паглыбленнямі, камянёў-следавікоў, камянёў-краўцоў ( шаўцоў ), вызначыць іх адметнасць адносна іншых культавых валуноў, атрымаць неабходныя звесткі аб прыродзе, гісторыі і культуры Воранаўскай зямлі;
  • папоўніць рэестр існуючых на тэрыторыі Воранаўскага раёна культавых валуноў, якія маюць гістарычную, культурную і эстэтычную каштоўнасць праз збор і аналіз дадзеных па разглядаемай тэматыцы.

Спецыяльных прац адносна культавых валуноў са штучнымі паглыбленнямі ( пляскатыя і цыліндрычныя камяні з чашападобнымі паглыбленнямі, камяні з ямкамі няправільнай формы) у літаратуры мала. У асноўным гэта невялікія нарысы агульнага выкладу ў гісторыка-археалагічных зборніках і краязнаўчых альманахах. Ступень вывучанасці культавых камянёў з круглымі лункамі  на Беларусі  таксама не адпавядае патрабаванням нашага часу, таму крыніцазнаўчая база для нашага даследавання абмежавана. Адзначым даследаванне “Гістарычная і міфалагічная семантыка ямачных камянёў “ вілейскага краязнаўца А.П. Зайцава. Ён мяркуе, што традыцыя высякаць ямкі на камянях у басейне Верхняй Віліі існавала ў канцы бронзавага—раннім жалезным веку, яна звязана з прымітыўным земляробствам.

Дэталёва разгледжаны культавыя камяні-следавікі, а таксама камяні-краўцы (шаўцы) у навукова-папулярнай кнізе Э.А.Ляўкова “Маўклівыя сведкі мінуўшчыны”.Аўтар кнігі не толькі сабраў значныя звесткі аб камянях-следавіках і камянях-краўцах(шаўцах) Беларусі, але і вызначыў іх прызначэннне, час іх з’яўлення на нашай зямлі. Запісаў вялікую колькасць народных легендаў і паданняў аб гэтых помніках старажытнасці.

Заслугоўвае ўвагі і артыкул “Камяні-следавікі Беларусі”(Дучыц Л.У., Зайкоўскі Э.М., Ляўкоў Э.А., Карабанаў А.К., Вінакураў В.Ф.). Аўтары артыкула адзначаюць, што культ следавікоў на Беларусі мае даўнюю традыцыю і спалучаны як з хрысціянствам, так і з язычніцкімі вераваннямі. Першапачаткова ён быў звязаны з культам пладароддзя і г.д. 

Асноўны метад даследавання—камбінаваны. Ён грунтуецца на прынцыпе навуковай аб’ектыўнасці і навуковага гістарызму. Рэалізуецца на аснове сістэмнага аналізу і сінтэзу. Выкананню сфармуляваных мэт і задач падпарадкоўваецца структура даследавання, якая складаецца з уводзін, дзвюх глаў і заключэння.

У першай главе разглядаюцца культавыя валуны Воранаўшчыны з чашападобнымі паглыбленнямі і ямкамі няправільнай формы. Вызначаецца іх адметнасць адносна іншых культавых валуноў, прапаноўваюцца меркаванні наконт іх культавага прызначэння. Высвятляецца час з’яўлення згаданых культавых валуноў на нашай зямлі, устанаўліваецца этнічная супольнасць, з якой яны звязаны.

Аўтар працы ўпершыню ўводзіць у навуковы абыход раней не вядомыя даследчыкам звесткі аб чатырох камянях з ямкамі няправільнай формы, а таксама Мажэйкаўскім і Падзітвянскім валуне з талеркападобнымі паглыбленнямі. Гэтыя дадзеныя былі атрыманы аўтарам працы падчас вывучэння культавых валуноў на тэрыторыі Воранаўскага раёна.

У другой главе аўтар працы упершыню ўводзіць у даследчы абыход звесткі аб пяці раней не вядомых навукоўцам камянях з лункамі, якія зусім нядаўна былі выяўлены на Воранаўшчыне. У цэнтры увагі Енчынскі культавы валун, на ім адзначана 36 выразных лунак і некалькі мяркуемых (з’яўляецца другім на Беларусі по колькасці ямак на камяні, найбольшая колькасць ямак- 84- адзначана на Перуновым камяні каля в. Мішуты Вілейскага раёна Мінскай вобласці). Падаецца меркаванне навукоўца І.Бутава адносна прызначэння выбітых лунак на вышэйзгаданым камяні. Звесткі аб іх упершыню друкуюцца ў гэтай даследчай працы, пры гэтым аўтар працы асабіста сам выявіў і вывучыў адзін камень з лункай ( Радунскі ). Прапаноўваецца меркаванне адносна таго, калі і для якіх патрэб чалавек высякаў лункі на Воранаўскіх камянях.

У трэцяй главе падаецца даследчы матэрыял наконт культавых камянёў-следавікоў, а таксама камянёў-краўцоў ( шаўцоў ), якія былі знойдзены на Воранаўшчыне не так даўно мясцовымі краязнаўцамі, навучэнцамі Радунскай сярэдняй школы, і да сённяшняга дня не вядомыя даследчыкам. Прапаноўваецца ўласнае меркаванне аўтара работы адносна прызначэння Гарадзішчанскага камяня-следавіка. Вызначаецца адметнасць Катавіцкага камяня-следавіка ( След Божай Маці ) адносна такіх жа культавых камянёў.

Выбраная тэма мае практычнае значэнне. Яна дазваляе выявіць раней невядомыя звесткі аб прыродным мінулым нашага краю, яго гісторыі і культуры.

Матэрыялы даследчай працы выкарыстоўваецца пры вывучэнні пэўных тэм факультатыўнага курсу “Воранавазнаўства”. Ён павінен увайсці ў даведнік “ Культавыя валуны Воранаўшчыны—натуральныя сведкі і захавальнікі мінуўшчыны”.

Шэраг звестак, якія падаюцца ў даследчай працы, неабходныя і экскурсаводам для правядзення экскурсій у музеі ледавіковых валуноў Радунскай сярэдняй школы.

Праца адрасуецца краязнаўцам, работнікам музеяў, бібліятэк, настаўнікам, студэнтам, школьнікам і ўсім, хто цікавіцца гістарычнай і культурнай спадчынай Гродзеншчыны.

У свой час на тэрыторыі сучаснага Воранаўскага раёна навукоўцы, мясцовыя краязнаўцы, навучэнцы Радунскай сярэдняй школы, аўтар даследчай працы ў выніку даследчай дзейнасці выявілі і вывучылі толькі чатыры пляскатыя камяні з чашападобнымі паглыбленнямі.  Усе яны з’яўляюцца культавымі валунамі.

Чашападобныя паглыбленні, выяўленыя на камянях на тэрыторыі сучаснага Воранаўскага раёна, паводле меркавання беларускага археолага Э. Зайкоўскага,  былі зроблены заходнебалцкім насельніцтвам ( выхадцы з прускіх зямель ) у познім сярэднявеччы. Трэба звярнуць увагу і на такую акалічнасць, што на разглядаемую тэрыторыю заходнія балты праніклі ўжо ў другой палове 1-га тысячагоддзя да нашай эры. Пагэтаму верагодна, што ў вышэйзгаданы час старажытны чалавек ужо высякаў талеркі на Воранаўскіх камянях. Талеркападобныя паглыбленні, высечаныя на валунах, маюць непасрэдную сувязь з ахвярапрынашэннем. Калі на камяні высякаліся дзве “талеркі”, то ахвяравалі двум божышчам: дабра і зла, жыцця і смерці, а трэцяя “талерка”, калі яна ёсць, служыла для ахвяраванняў Зямлі.

На Воранаўшчыне вядомы і адзін цыліндрычны камень з чашападобным паглыбленнем, які захоўваецца ў прытворы Беняконскага касцёла.

У Польшчы і ў Беларусі часта такія камяні называюць “кропельніцамі”. Выкарыстоўваюцца яны ў касцёлах для святой вады. Пакланенне цыліндрычным камяням—гэта працяг старой традыцыі, але ў новай форме. У жалезным веку, а таксама ў часы позняга сярэднявечча,  цыліндрычныя валуны з чашападобнымі паглыбленнямі выкарыстоўваліся чалавекам як ахвярнікі, але ж, на наш погляд, асноўнае прызначэнне гэтых ахвярных камянёў з паглыбленнямі—скапленне святой вады. У міфалагічным сэнсе гэта звязана з язычніцкім богам Перуном.

  • У даследчай працы ўпершыню падаюцца звесткі і аб пяці камянях з ямкамі няправільнай формы, усе яны маюць сляды культавага прызначэння. У свой час ім прыносілі ахвяры ( валуны Больцішскі, Гарадзішчанскі, Куклёўскі, камень Дварчанскі ). Шэраг з іх авеяны легендамі ( камяні Дварчанскі і Шаўроўскі ), якія захавалі адгалоскі пакланення колішняга пакалення, а Дварчанскі камень мае яшчэ і спецыфічную назву—Дзюравы камень, літоўскае найменне Вільціс ( Надзея ) мае Гарадзішчанскі валун.
  • У 2001 г. беларускія вучоныя В. Ф. Вінакураў, С. П. Віцязь, Л. В. Дучыц распрацавалі абагульняючую функцыянальную класіфікацыю сакральных каменных помнікаў Беларусі. Гэтая класіфікацыя дазволіла навукоўцам упершыню выдзеліць асаблівую групу культавых валуноў—камяні з круглымі лункамі.
  • Камень з лункамі—гэта камень, на паверхні якога ( часам на бакавой роўніцы ) знаходзяцца высечаныя круглыя лункі ( невялікіх памераў паглыбленні ) штучнага паходжання. У навуковай літаратуры можна сустрэць і іншыя назвы гэтых камянёў—чашачныя камяні, камяні з невялікімі паглыбленнямі, камяні з ямкамі, а ў англамоўнай літаратуры—cupmarkedstones.
  • На тэрыторыі Беларусі на сённяшні дзень выяўлена больш за 50 камянёў з круглымі лункамі. У вышэйзгаданую колькасць улічаных камянёў не ўвайшлі 5 камянёў з лункамі, якія былі адкрыты і вывучаны ( 2014-2016 гг. ) навучэнцамі Радунскай сярэдняй школы, а таксама мясцовымі краязнаўцамі падчас археалагічных экспедыцый па родным краі.
  • Першым, хто звярнуў увагу на культавыя валуны з маленькімі ямкамі—лункамі на тэрыторыі сучаснай Воранаўшчыны, быў вядомы беларускі геолаг В. Ф. Вінакураў. У 1989 г. вывучыў Перуноў ( Вялікі ) камень з ямкамі Таўкінскі ( месцазнаходжанне аб’екта: в. Таўкіні, Жырмунскі сельсавет ), выявіў і даследаваў ( 1996 г. )Будрэвічаў камень з ямкамі Воранаўскі ( месцазнахожанне аб’екта: в. Рэмзы, Забалацкі сельсавет ), Вялікі камень Рэмзаўскі ( узарваны ў 2001 г. ). Усе вышэйпералічаныя культавыя камяні з круглымі лункамі ў свой час былі абвешчаны помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння.
  • У 2016 г. намі складзены рэестр існуючых ( знішчаных ) культавыхвалуноў з круглымі лункамі Воранаўскага раёна. У ім налічваецца 8 камянёў з лункамі, змешчаны падрабязныя звесткі аб іх.
  • Тапаграфія выяўленых на Воранаўшчыне камянёў з лункамі падпарадкавана рэльефу мясцовасці. Як правіла, разглядаемыя камяні размешчаны ў тых месцах, дзе адзнакі вышынь над узроўнем мора складаюць 155-165 м. Яны знойдзены на апрацоўваемых палях з добрымі глебамі ( частка з іх была звезена ў крушні -  кучы камянёў ), размешчаны на пакатых схілахузвышшаў паблізу ад невялікіх рэк, ручаёў, а таксама сярод значных балотных масіваў ( Дзітва, Радунька ).
  • Самым вялікім камянём з лункамі на Воранаўшчыне з’яўляўся Вялікі камень з ямкамі Рэмзаўскі каля в. Рэмзы Забалацкага сельсавета. Доўгая вось ( бачная частка ) дасягала 5,3 м, вышыня 1,1 м, абвод 13,5 м, аб’ём 11,74 м3 вага 31,1 т ( узарваны ў 2001 г. ).
  • Самы маленькі камень у Воранаўскім раёне, а таксама ў Беларусі, з адной круглай лункай, якая добра захавалася, быў знойдзены паблізу г. п. Радунь у 2014 г. Даўжыня гэтага маленькага “ каменя-дзіцяткі” складае ўсяго 9,4 см, шырыня—5 см і вышыня-3,5 см. Дыяметр лункі-1 см, глыбіня-0,7 см. Гэты ўнікальны культавы камень захоўваецца ў музейнай экспазіцыі народнага гісторыка-краязнаўчага музея Радунскай сярэдняй школы.    На Воранаўшчыне найбольш часта сустракаюцца валуны з малой колькасцю лунак. Больш усяго камянёў з адной лункай. Толькі адзін камень, выяўлены ў наваколлі в. Енчы, мае 36 ямак. Надзвычай вялікая колькасць ямак на вышэйзгаданым камяні можна растлумачыць тым, што паблізу не было іншых камянёў , ці на дадзеным камяні было вельмі зручна рабіць ямкі, ці людзі проста рабілі ямкі на гэтых камянях па “ звычцы”. На думку даследчыка І. Бутава, высечаныя на Енчынскім валуне вялікія лункі ўтвараюць канфігурацыю  “ каўша “ ( з сямі ямак ), які з’яўляецца часткай сузор’я Вялікай Мядзведзіцы і на фоне якога высечана некалькі дробных лунак. Адзначае прыгэтым, што нешта падобнае можна назіраць на вядомым камяні ў італьянскай камуне ( камуна - адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў некаторых краінах ) Лілльян, які апісаў археастраном Джудзіа Коссарт .
  • У другой палове суббарэальнага перыяду ( пачаўся бронзавы век ) прыблізна 3.700-2.700 год назад клімат  быў  даволі засушлівым  і цёплым. На тэрыторыі Воранаўскага раёна ў гэты час значна панізіўся ўзровень вады ў азёрах, балоты перасыхалі, і на іх у многіх месцах з’явіліся лясныя згуртаванні. Сухі клімат спрыяў развіццю падсечнага земляробства, асабліва на супясчаных глебах.
  • Сённяшнія балоты ( Дзітва, Радунька )-  былыя палеазёры -  у 1700-700 гг. да н. э. становяцца зручнымі для выпасу жывёлы і земляробства. Адкрытыя прасторы, верагодна, і прываблівалі старажытных жывёлаводаў і земляробаў.

На наш погляд, менавіта ў гэты перыяд чалавек і ўсвядоміў неабходнасць  высякаць ямкі на камянях, яны маюць непасрэдную сувязь з прымітыўным земляробствам. Месцазнаходжанне камянёў з лункамі на тэрыторыі Воранаўскага раёна цесна звязана з сельскай гаспадаркай.

Колькасць наяўных камянёў з лункамі на разглядаемай тэрыторыі непасрэдна звязана з колькасцю насельніцтва ў гэтым раёне, з яго эканамічным патэнцыялам і інтэнсіўнасцю чалавечай дзейнасці.

  • Ямкі на воранаўскіх камянях амаль заўсёды размеркаваны без пэўнай паслядоўнасці ў адносінах адна да адной. Лункі раскіданы па ўсім камяні. Калі людзі высякалі новыя лункі на камянях, яны не лічыліся з тымі лункамі, якія ўжо існавалі. Так, на Енчынскім камяні новыя ямкі захоплівалі ўжо існуючыя. Таму лункі не былі недатыкальнымі, ці “святымі”, важным быў сам працэс вырабу лункі, а не сама лунка. Пагэтаму лункі на камянях не выкарыстоўваліся з мэтай класці туды ахвяру для сваіх продкаў.
  • Лункі, выяўленыя на камянях навучэнцамі Радунскай сярэдняй школы, у тым ліку і аўтарам даследчай працы падчас археалагічных экспедыцый па родным краі, былі зроблены старажытным чалавекам ( прадстаўнікамі плямён культуры штрыхаванай керамікі ), верагодна, у канцы бронзавага—раннім жалезным веку ( 3.700—2.500 год назад). Высечаныя на валунах лункі  маюць непасрэдную сувязь з падсечна-агнявым  ( ляднае ) земляробствам і звязаны з магіяй пладанашэння. Перад пачаткам сяўбы чалавек выбіваў лунку ў камяні. Прыгэтым лічыў, што такім чынам апладняе зямную сілу, якая сядзіць у камяні. І выбіванне ямкі на камяні спрыяе добраму ўраджаю. Камяні, на якіх высечаны лункі ( круглыя ямкі ), з’яўляюцца культавымі валунамі. Яны каштоўныя помнікі нашай гісторыі і культуры ( крупінкі духоўнага жыцця нашых продкаў ), неабходна ў бліжэйшы час узяць іх пад ахову, надаць ім статут культавых археалагічных помнікаў, а затым унесці ў рэестр каштоўных помнікаў гісторыі і культуры рэспублікі Беларусь.
  • На разглядаемай тэрыторыі вядомы і 3 культавыя камяні-следавікі ( Гарадзішчанскі, Катавіцкі, Шаўроўскі ). На нашу думку, Катавіцкі камень-следавік ( След Божай Маці ), а таксама Шаўроўскі камень ( Божы След ) першапачаткова былі звязаны з культам пладароддзя. Затым, з прыняццем хрысціянства становяцца сімваламі новай веры ( назвы—След Божай Маці, Божы След ). Водгукамі былога абагаўлення з’яўляецца выкарыстанне вады са слядочка ў лекавых мэтах ( святая, гаючая вада ),  сучасныя ахвяраванні. Адметнасць Катавіцкага камяня-следавіка заключаецца ў тым, што ён у далёкім мінулым быў не толькі месцам малення, а таксама з’яўляўся язычніцкім алтаром ( на культавым валуне налічваецца больш за 20 разнастайных штучных паглыбленняў ). На яго ўскладалі ахвяраванні.

Гарадзішчанскі камень-следавік, на наш погляд, у першую чаргу быў звязаны напрамую з культам продкаў, пазней пачаў ушаноўвацца як камень язычніцкага бога Рода ( на камяні існуе выява твару язычніцкага бога ).

На думку навукоўцаў, культ камянёў-следавікоў узнік у неаліце, больш верагодна, у бронзавым веку. Напэўна, “наслядзілі” і апошнія эпохі.

Вядомы на Воранаўшчыне і такія культавыя валуны, як камяні-шаўцы ( краўцы ). Міцканскі камень-кравец і Чортаў камень-шавец Канвелішскі, на погляд даследчыкаў, звязаны з культам язычніцкага бога Вялеса. Гэты культ узнік у канцы першага—пачатку другога тысячагоддзя.

Даследаванне культавых камянёў на Воранаўшчыне навукоўцамі, краязнаўцамі, навучэнцамі Радунскай сярэдняй школы працягваецца. Далёка не ўсё яшчэ зразумела ў гісторыі язычніцкага культу валуноў. Пагэтаму тэматыка прапанаванага намі даследавання будзе прадоўжана, усебакова будуць разгледжаны і такія культавыя валуны, як камяні са знакамі. На іх нанесены разнастайныя па форме і памерах крыжы, падковы, малюнкі і г.д.

Адным словам, наперадзе нас чакае нямала цікавых адкрыццяў.

Каб сустрэцца з дзівосным, неабавязкова ісці за край свету, у невядомыя мясціны. Адкрыццё можна зрабіць і ў сваёй мясцовасці.