Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Радунская сярэдняя школа”

Радунскі народны гісторыка-краязнаўчы музей

Радунскі гісторыка-краязнаўчы музей адкрыты ў 1985 г.. У 1998г. прысвоена званне “Народны музей.” Заснавальнікам і кіраўніком музея з’яўляецца Фясенка Іван Іванавіч. Музей мае 3 экспазіцыйныя залы (дзве па гісторыі дасавецкага перыяду,трэцяя па гісторыі савецкага грамадства) агульнай плошчай 132 м. На 2011г. - 2371 экспанат, з іх 1057- у асноўным фондзе.

Галоўная мэта стварэння і дзейнасці музея:

усебаковае вывучэнне і цэласнае асэнсаванне лакальнай гісторыі і этнакультурнай прасторы Воранаўскага края.

Функцыі музея:

  1. навукова-даследчая;
  2. прапагандысцка-пазнавальная;
  3. адукацыйна-выхаваўчая (мае наступныя ўзроўні рэалізацыі):
  • міжпрадметны кабінет (праводзяцца ўрокі па асобных дысцыплінах ці інтэграваныя);
  • пазакласная дадатковая адукацыя;
  • прафесійная арыентацыя вучняў (архіўная справа, гісторыя, геаграфія, археалогія, музейная справа).

Экспазіцыя музея адлюстроўвае найбольш значныя падзеі ў гісторыі г.п. Радунь і Воранаўскага раёна, знаёміць з жыццёвым шляхам знакамітых землякоў, самабытнай культурнай прасторай насельнікаў Воранаўскага края.

Сучасная Радуншчына ў 13 ст. уваходзіла ў склад Дайноўскай зямлі. У экспазіцыі змешчана карта - схема Дайноўскага княства ў 13 ст, партрэт князя яцвяжскага і дайноўскага Трайдзеня, фотакопія граматы Міндоўга 1253 г., паводле якой Міндоўг саступіў крыжакам палову Дайновы, фрагменты з прац Т. Нарбута , І.Ярашэвіча, Ф. Пакроўскага. Пра Дайнову сведчаць археалагічныя матэрыялы з каменных магіл, скульптурныя выявы яцвяга і яцвяжанкі, зробленыя на аснове рэканструкцыі І.У. Чаквіна па матэрыялах каменных магіл. Экспануюцца фотаздымкі культавых ледавіковых валуноў, гістарычныя матэрыялы правыхадцаў з прускіх зямель – скальваў,борцяў і памезанцаў; карта балцкіх зямель 10-13 ст., карта-схема Барцянскага стараства ( у склад яго ўваходзіла значная частка Воранаўскага раёна), фрагменты інвентароў стараства 1636,1663,1738,1787гг. і інш.

  

У раздзеле экспазіцыі “Наш край у ХІV-XVI ст.” змешчаны ксеракопіі і фотакопіі інвентароў паселішч, тэстаменты, прывелеі, судовыя справы на валоданне зямлёй у Радунскім павеце. Рэпрэзентаваны радаводы землеўладальнікаў Радуні, Начы, Забалаці, фотакопіі геаграфічных карт ВКЛ, на якіх абазначаны буйнейшыя паселішчы сучаснай Воранаўшчыны, важнейшыя гандлёвыя шляхі.Сярод экспанатаў - герб Радуні, унікальні каменны сашнік, выявы касцёлаў на метале і іншае.

 

У другой зале ў тэматычных раздзелах экспазіцыі размешчаны матэрыялы аб вайне Расійскай дзяржавы і Рэчы Паспалітай ( 1654-1667гг.), Паўночнай вайне ( 1700-1721), Айчыннай вайне 1812 года. Змешчаны дакументы людскіх і матэрыяльных страт Воранаўскага края падчас вышэй згаданых войнаў, аб прыбыванні Пятра І (1705г.) у маёнтку Трабушкі (наваколле в. Нача) у шляхціча Льва Ільцэвіча. Дэманструецца макет дома-крэпасці ў в. Гайцюнішкі, які неаднаразова вытрымліваў асаду як шведскіх, так і расійскіх войск. Экспануюцца жалезныя ядры, узбраенне воінаў XVII-XIX ст.

 

 

У трэцяй зале экспазіцыі музея змешчаны матэрыялы аб развіцці капіталістычных адносін у вёсцы пасля адмены прыгоннага права, сялянскім і рабочым руху, пра падзеі рэвалюцыі 1905-07гг., Першай Сусветнай вайны, дзейнасць органаў савецкай улады ў 1919-20гг., становішча працоўных Заходняй Беларусі ў 1921-1939гг..

 

У музеі створана асобная экспазіцыя, матэрыялы якой расказваюць пра гісторыю і побыт радунскіх яўрэяў. Экспануюцца фотакопіі прывілеяў радунскім яўрэям (1649,1792гг.), фатаграфіі і карціны з гісторыі і іх паўсядзённага жыцця ў ХІХ-ХХст., матэрыялы аб жыцці і дзейнасці вядомага яўрэйскага талмудыста і мараліста рабіна Каган Ізраіль Меіра (больш вядомы як Хафец Хайм), гістарычныя матэрыялы аб Радунскім і Воранаўскім Халакосце і інш.

 

Экспазіцыя, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне, расказвае пра абарончыя баі Чырвонай Арміі ў нашым краі ў 1941г., стварэнне і разгортванне падполля і партызанскага руху, злачынствы захопнікаў, ход вызваленчых баёў у 1944г., аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі.

 

Музей мае багатую этнаграфічную калекцыю. Пры музеі створаны і працуюць клуб “Родынь” і гісторыка-краязнаўчы гурток “Родынь”. Дзейнасць музея не абмяжоўваецца рамкамі экспазіцыі. Мы праводзім таксама экскусіі па славутых мясцінах Воранаўшчыны. Музей наведваюць не толькі жыхары Беларусі, але і турыстычныя групы з Польшчы, Літвы, Германіі, Ізраіля.

 

Поўны адрас музея, паштовы індэкс: 231390, Рэспубліка Беларусь, Гродзенская вобласць, Воранаўскі раён, г.п. Радунь, вул. Леніна, д. 36 “А”, Тэл-н.-факс: 8-101594-23-130. Укладальнік: Савет музея.